beta

Свободная публикация произведений



Адэлька і сонца

Цёплы летні дождж скончыўся пасля світання. Раннішняе сонца прадзёрлася скрозь хмары і зазірнула ў пакой, дзе на адным ложку спалі малое дзяўчо гадоў чатырох і яе матуля.
Яркія промні хутка падабралася да тварыка дзяўчынкі і пачалі казытаць яе носік-гузік, гуляць з тонкімі ільнянымі валосікамі і грэць пухленькія шчокі да той пары, пакуль малая не зацёрла кулачкамі вочы і не расплюшчыла іх. Села на ложку, паморшчылася і пачала аглядацца, быццам не разумела, дзе знаходзіцца. Маці адным вокам глянула на малую і пяшчотна правяла рукой па яе спінцы: «Адэлечка, кладзіся, паспі трохі – яшчэ рана». Толькі ж прасцей у адзіночку спыніць статак зуброў, ніж укласці малое дзіцё спаць, калі яно ўжо вырашыла прачнуцца.
Пачаўся новы Адэлін дзень.
– Мама, а тата – дзе?
– Тата пайшоў на работу, – маці ўжо ўстала і апранала халат, каб пайсці зрабіць Адэльцы сняданак. – Што ты будзеш есці: кашу ці бутэрброды?
– Кашу. А я хацела тату правесці. А чаму ён пайшоў на работу, сёння ж выходны?
– Тата зараз шмат працуе. Ты ж хочаш на мора паехаць праз месяц? Будзеш там сабе купацца.
– Хачу. А я буду прамака ў моры купацца? А мяне не з’есць?
– Хто? – маці ўсміхнулася.
– Аку-у-у-ува, – Адэля расцягнула рукі і, як запраўскі рыбак, паказвала памер агромністай акулы.
– Мы з татам не дамо нікому цябе з’есці. А цяпер рыхтуйся і хадзем на кухню.
Адэлька бегла наперадзе: трэба было заняць стул каля вакна і сачыць за тым, што адбываецца на дварэ.
Адэлін свет быў не такім вялікім, як у дарослых: дзіцячы садок, двор, дзе заўсёды гуляла дзятва, ды пару крам, куды хадзілі з бацькамі. Аднак і ў невялікім свеце кожны дзень адбывалася тое, на што не звярталі ўвагу бацькі, і што так падабалася Адэлі.
Яна магла стаць на калені і хвілінамі сачыць за мурашамі, якія пашыхтаванай калонай цягнулі на сабе вусеняў ці малыя кавалкі лісця, а потым сабіраць рознакаляровыя каменьчыкі і насіць іх маме на дэманстрацыю, каб тая абрала прыгажэйшы. Ці проста стаяць, задраўшы галаву, каб уявіць, на што падобныя вялікія кучкаватыя аблокі, і бачыць у небе то карункавыя палацы, то кракадзілаў, то жырафаў. Або нават некаторых суседскіх хлапчукоў ў шапках-панамках.
Вось і зараз на вулцы было на што паглядзець. Уздоўж сцежкі бегае незнаёмы жоўты сабака – яго раней тут не было. Мабыць, шукае сяброў. На школьным плоце сядзіць шэры кот, а там далей невядомыя хлапчукі круцяцца на абцёртых турніках.
– Мама, глянь, што хлопчык робіць.
– Ага, бачу, – маці не адрывала позірку ад кашы.
Але вокны для Адэлі былі не толькі празрыстымі нежывымі транслятарамі вонкавага жыцця. Яшчэ на іх, як на мальбертах, можна было ствараць сваю маляваную казку. Бацькі забаранялі дзяўчынцы пэцкаць шкло. Маўляў, кожныя выходныя яго прыходзілася мыць.
А вось у дзеда з бабуляй Адэля малявала на вокнах колькі заўгодна. Дзед любіць ставіць малую на падаконнік, а тая пачыне дыхаць на шкло і маляваць маленькім пальчыкам чалавечка, хатку і сабаку. Атрымліваецца не заўсёды ўдала, і тады дзядуля абавязкова дапамагае: таксама дыхае і малюе свайго чалавечка.
Толькі ж дома лепей не злаваць маму. Дзяўчо так і не адважылася на маленькі малюнак.
Пасля сняданка была заключана штодзённая дамова, якую Адэля магла выконваць толькі першую гадзіну:
– Адэся, давай ты з цацкамі пагуляеш, а я пакуль трошкі з хатнімі справамі разбяруся, добра? Кубікі паскладваеш, ці табе мульцікі ўключыць?
– Ку-у-убікі, я хатку збудую! – закрычала малая і засмяялася.
– Ну і добра.
Кубікаў, мядзведзікаў, мячыкаў, лялек і нават машынак хапіла да таго часу, пакуль дзяўчынка не ператварылася ў даследчыка. Яна была Магеланам, Калумбам і Ньютанам адначасова. Кожны такі дзень дапамагаў малой рабіць крок у невядомае і пашыраць свае веды. Яны, быццам хвалі ў акіяне, набягалі ўсё далей і далей на ўзбярэжжа дзіцячых мрояў.
– Ма-а-а, а чаму сонейка ноччу не свеціць? – малая пачала хадзіць за матуляй, як малы сланёнак за сланіхай, амаль трымаючы яе за ўяўны хвост.
– Ну як? Бо ноч. А ноччу свеціць месяц, – такія пытанні заўсёды заводзілі бацькоў у тупік. Трэ было тлумачыць гэта прасцей, але як? – Ну ён не тое, каб свеціць. Вось Зямля – яна круглая. І круціцца вакол сябе. Як мяч, калі яго крутнуць на пальцы. І калі нашым бокам яна адварочваецца ад Сонца і паварочваецца да Месяца, то ў нас наступае ноч. А ў іншых людзей, у Аўстраліі, напрыклад, дзень. Разумееш?
– А-а-ага, – пацягнула малая і паморшчыла лоб, – успомніла нешта і зрабіла выснову: – Кенгуру зараз спяць.
– Спяць, – засмяялася маці.
– Ма-а-ам, а коцікам сны сняцца?
І тут на маці пасыпаліся пытанні, што той град у вераб’іную ноч.
– Мам, а чаму рыба бокам не плавае; мам, а нашто мне пуп; мам, а цмокі бываюць, мам, а чаму ў таты барада, а ў цябе – не; мам, мам, мам…
– Адэля, ідзі ў акно паглядзі, што там цікавага робіцца на вуліцы? А потым мне раскажаш. Бо змучыла ты мяне сваімі пытаннямі. Трохі потым паясі – і спаць. А ўвечары, як тата прыйдзе, пойдзем гуляць. Добра? А то круцішся пад нагамі, як кураня.
– Добра.
Адэля ізноў засталася сам на сам з Сусветам. Гэтым разам яе падхапіла і панесла на сваіх крылах фантазія. Таму ў горадзе цяпер вадзіліся цмокі, жылі русалкі, і працаваў над падарункамі Дзед Мароз. У лесе, у збудаваных, нябачных нікому гарадах, жылі лясныя духі і прывіды, да якіх у госці хадзілі лесавікі і дамавікі, а пад мостам праз раку чакаў падарожніка вадзянік, каб схапіць і зацягнуць да сябе у «Шуляка» з русалкамі гуляць.
Недзе там быў тата. Ёй уяўлялася, што тата – рыцар, які дзесьці за даляглядам перамагае ворагаў ці ратуе людзей ад невядомых звяроў. Што кожны дзень ён здзяйсняе нешта незвычайнае, бачыць дзівосы, як той тата з казкі, які паехаў за кветкай сваёй дачцэ.
Гэта мама кажа, што тата толькі «на рабоце». Аднак Адэля добра ведае, што каб прыйсці адтуль, яму прыходзіцца прабірацца праз лясы, лезці багнаю, а можа і па рэках плыць. У горадзе, канешне, не было ні лясоў, ні багны, але гэта не адмяняла яе ўпэўненнасці. Тата быў для яе герой. Самы мужны і адважны.
– Адэ-э-эля, ідзі есці суп.
Дзяўчынка пабегла есці суп, а пасля гуляць з матуляй у лялькі і спаць.
– Мама, а калі я прачнуся, тата будзе дома?
– Яшчэ не. Толькі пакуль ты прачнешся, паглядзіш мульцік, падрыхтуешся да паходу на арэлі, то ён і прыйдзе.
Пасля сну пытанні пра тату гучалі, здавалася, кожную хвіліну:
– Мама, а ён ужо ідзе, мама, а доўга яшчэ, мама, а стрэўка дзе будзе, калі ён прыйдзе?
– А ты падрыхтавалася? Узяла, што табе трэба: цацкі, вядзерца, рыдлёвачку?
– Узяла!
Малой карцела ўбачыць тату. Здавалася, што ўнутры яе гарыць хаця і маленькі, але вельмі гарачы агеньчык. І толькі рухамі, бегам і скокамі можна уратавацца, каб цалкам не ператварыцца ў купку попелу. Гарэза па некалькі разоў за хвіліну ўскарасквалася на стул, круцілася вакол ножкі стала, падбягала да падаконніка і бегла назад да матулі, пакуль не пачула знаёмыя гукі. То пастукаў ключ, якім не адразу патрапілі ў замок.
– Та-а-та! Татка прыйшоў! – Адэля падскочыла на месцы і прызямлілася амаль на кукішкі, а потым усхапілася і панеслася ў калідор.
Толькі не да дзвярэй, а ў супрацьлеглы канец. Гэта быў штодзённы рытуал, традыцыя, у якую не ўмешвалася маці. Яна толькі стаяла і назірала за гэтым з кухні. Дзверы расчыніліся, і ў праёме з’явіўся ён. Звычайны, а не казачны мужчына гадоў трыццаці. Сінія джынсы, туфлі, кашуля, невялікая трохдзённая шчэць на твары, стомленыя вочы і ў руках чорны пакет. Калі ён і быў супергероем удзень, то ўвечары замаскіраваўся пад звычайнага чалавека.
Аднак як толькі бацька ўбачыў Адэлю, у вачах ягоных успыхнула яркая іскра. Ён усміхнуўся, паставіў пакет на падлогу, пакланіўся, быццам каралеўне, і сказаў: «Дзень добры, пані Адэль». А малая тым часам падпрыгнула і пабегла да яго з крыкам «Та-а-атка». І тут ён падхапіў яе і падняў высока, пад столь, а потым, пакруціўшы ўверсе, апусціў аголеным гарбузом-жывоцікам сабе на вусны і выдзьмуў паветра у малы дзіцячы пуп. Бацькавыя вусны і барада казыталі малую, а яна смяялася і пляскала сваімі далонямі па ягоных шчоках, вушах і патыліцы.
– Ну і як прайшоў твой дзень? – бацька ўжо паставіў малую на ногі і павёў яе ў пакой.
– Ха’ашо. Я хацела цябе праводзіць.
– Ну ты так соладка спала, што я і не наважыўся цябе будзіць. Што вы тут з мамай рабілі?
– Гаспада’ылі!
– Хе, мая ж ты гаспадынька. І што ты тут нагаспадарыла?
– Я дапамагала маме і мы рабілі табе есці, а потым глядзела ў вакно, а потым яшчэ гуляла ў кубікі. Не, гэта спачатку ў кубікі. А там быў во-о-лат!
– Дзе?!
– На дварэ. Ну, не на дварэ, а на небе. Такі-і-і во-о-лат, – яна ўстала на мыскі і выцягнула рукі ўверх.
– З аблокаў і падобны на зефір?
– Ага. Тата, а адкуль ты ведаеш?
– А ён – мой знаёмы.
– А-а? А ты ‘аскажаш мне п’а яго?
– Ну перад сном, добра?
– Доб’а!
– Тата, а мама казава, што кенгуру спяць, калі ў нас дзень.
– Ну раз мама сказала, то так яно і ёсць. А яшчэ ў кенгуру ёсць торба на пузе і ў ёй яны носяць сваіх дзетак. Хочаш, я буду насіць цябе на пузе?
З гэтымі словамі ён ізноў падхапіў малую на рукі і прысланіў спіной да свайго жывата.
А тая спачатку засмяялася, але адказала сур’ёзна:
– Не, гэта нязручна.
Бацька пагадзіўся і вярнуў малую на падлогу.
– А ведаеш, каго я сёння сустрэў?
– Каго?
– Зайку. Мы ехалі праз лес за горадам. На вялікай машыне. І тут глядзім, выходзяць заяц і вожык. І як запраўскія сябры садзяцца на лаўку, што на прыпынку, і размаўляюць. Помніш вожыка? Ён табе падарунак яшчэ некалі передаваў.
– Ага-а.
– Дык вось, – бацька пераапранаўся ў хатняе і працягваў апавяданне, – я і кажу вадзіцелю, каб ён спыніў машыну. Сталі мы, значыцца, і я да гэтых сяброў. Вожыку я ад цябе перадаў прывітанне і дзякуй за яблык.Ну тое ды сёе, пагутарылі. Спытаў, як у іх там справы ў лесе. Кажуць, што добра. Грыбоў сёння шмат. Ну і тут мне ехаць трэба, дык зайка і кажа: «На, малой Адэльцы печыва перадай». І з кішэні (а ён быў у такім пінжачку) тебе ў пакет сыпануў печыва.
Малая, адкрыўшы рот, глядзела адначасова здзіўлена і з захапленнем. Трэба ж думаць, цікавае жыццё ў таты: то яму вожык яблык перадае, то заяц печыва. Тата, пэўна, там паўлеса ведае. Шкада толькі, што калі яны за грыбамі хадзілі, то нікога не сустрэлі. Тата казаў, што звяры ў выходныя больш па хатках сядзяць, каб людзям на вочы не трапляцца.
– Ну то што, пойдзеш зайцова печыва есці з гарбатай? А потым – на арэлях гойдацца.
– Пайду.
І дзяўчынка пачала корпацца ў бацькоўскім пакеце ў пошуках печыва, якое яшчэ сёння ўдзень выпеклі ў лесе. А як знайшла, пабегла на кухню выхваліцца перад маці, што ў яе поўны лес сяброў.
Сонца пачало хіліцца на дол. Промні ягоныя бегалі па Адэльцыным тварыку, пакуль тая піла гарбату з печывам. Вялікая зорка падганяла малую, быццам казала, што дзень хутка скончыцца, а тая ўсё яшчэ не выбралася на двор. Адэлька жмурылася, чмыхала носікам і штораз паглядала ў калідор, дзе ўжо быў сабраны паходны дзіцячы клунак.

&copy Copyright: Июль 2016

Свидетельство о регистрации: №14683492213756

Комментарии (1)

  1. Александр Новиков 15 июля 2016, 19:32 # 0
    Замечательно. ))

    Вы должны авторизоваться, чтобы оставлять комментарии.